Проектирование в строительстве
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Цена
Поиск
Статистика
Главная » Статьи » Реконструкция и реставрация зданий

ЗОНЫ АХОВЫ. IНСТРУКЦЫЯ аб складзе, парадку распрацоўкi і зацвярджэння праектаў зон аховы
IНСТРУКЦЫЯ
аб складзе, парадку распрацоўкi і зацвярджэння праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей


ЗОНЫ АХОВЫ

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1. Дадзеная Iнструкцыя распрацавана ў адпаведнасцi з Законам Рэспублiкi Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195) i Законам Рэспублiкi Беларусь от 5 июля 2004 года «Аб архiтэктурнай, горадабудаўнiчай i будаўнiчай дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2004 г., № 109, 2/1049; 2006 г., № 106, 2/1233; № 122, 2/1259) і ўстанаўлівае склад, парадак распрацоўкi i зацвярджэння праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей.
2. Патрабаванні, вызначаныя ў дадзенай Інструкцы, накіраваны на забеспячэнне захавання нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (далей - гiсторыка-культурных каштоўнасцей) i iх навакольнага асяроддзя і абавязковы для выканання пры ажыццяўленнi архiтэктурнай, горадабудаўнiчай, будаўнiчай, гаспадарчай і іншай дзейнасцi.
Праекты зон аховы гiсторыка-культурных каштоўнасцей (далей – праект зон аховы) распрацоўваюцца для кожнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці.
3. Устаноўленыя граніцы зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей і рэжымы іх выкарыстання павінны быць адлюстраваны ў адпаведным горадабудаўнічым кадастры.
Граніцы зон аховы наносяцца на асноўны чарцёж генеральнага плана населенага пункта або тэрытарыяльнай арганізацыі пэўнай мясцовасці, пазначаюцца на чарцяжах праектаў дэтальнай планіроўкі.
4. Адступленні ад устаноўленных праектам зон аховы рэжымаў утрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей забаронены.
5. У выпадку выяўлення новых гістарычных звестак, якія мяняюць уяўленне аб характары антрапагеннага і (або) прыроднага асяроддзя, якое акружае гісторыка-культурную каштоўнасць, можа быць праведзена карэктыроўка праекта зон аховы і зацвярджэнне яго ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам і дадзенай Інструкцыяй.


ГЛАВА 2
СКЛАД, ГРАНIЦЫ, РЭЖЫМЫ ЎТРЫМАННЯ I ВЫКАРЫСТАННЯ
ЗОН АХОВЫ

6. Зоны аховы гiсторыка-культурных каштоўнасцей (далей – зоны аховы) – гэта спецыяльна ўстаноўленыя тэрыторыi, прызначаныя для забеспячэння захаванасцi нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей i iх навакольнага асяроддзя.
7. Для гiсторыка-культурных каштоўнасцей устанаўліваюцца наступныя зоны аховы:
ахоўная зона;
зона рэгулявання забудовы;
зона аховы ландшафту;
зона аховы культурнага пласта.
Неабходны склад зон аховы вызначаецца для кожнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi iндывiдуальна i можа ўключаць як усе зоны аховы, так i некаторыя з iх.
Памер, канфiгурацыя зон аховы, адлегласць гранiц зон аховы ад гiсторыка-культурнай каштоўнасцi вызначаюцца на стадыi распрацоўкi праекта зон аховы i ўстанаўлiваюцца на падставе праведзеных навукова-даследчых работ з улiкам асаблiвасцей планiровачнай структуры.
Для кожнай зоны аховы ўстанаўлiваюцца рэжымы iх утрымання i выкарыстання, якiя прадугледжваюць абмежаваннi або поўную забарону дзейнасцi, якая стварае пагрозу захаванню гiсторыка-культурным каштоўнасцям i (або) iх навакольнаму асяроддзю.
8. Ахоўная зона – гэта тэрыторыя, якая непасрэдна акружае гiсторыка-культурную каштоўнасць.
Ахоўная зона прызначана для забеспячэння фiзiчнай i эстэтычнай захаванасцi гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i яе навакольнага асяроддзя, выяўлення архiтэктурна-мастацкай, горадабудаўнiчай i планiровачнай якасцi гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, мэтазгоднага выкарыстання i найлепшага зрокавага ўспрымання.
У ахоўнай зоне павiнны быць забяспечаны неабходныя для захаванасцi гiсторыка-культурнай каштоўнасцi гiдрагеалагiчнае становiшча, чысцiня паветранага басейна i вадаёмаў, абарона ад дынамiчных уздзеянняў i пажарная бяспека.
8.1. Рэжымы ўтрымання i выкарыстання ахоўнай зоны вызначаюцца з улiкам гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Ахоўная зона мае асаблiва строгi рэжым утрымання i выкарыстання.
Рэжымамi ўтрымання i выкарыстання ахоўнай зоны павiнна быць прадугледжана:
захаванне сiстэмы каштоўнай гiстарычнай планiроўкi цi яе фрагментаў, каштоўнай архiтэктурнай забудовы i прыроднага ландшафту;
забеспячэнне найбольш спрыяльных умоў агляду, якiя выяўляюць вартасцi гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
рэзерваванне магчымасцей аднаўлення раней страчаных элементаў i параметраў гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
ліквідацыя або нейтралiзацыя дысгарманiчных элементаў, што парушаюць цэласнасць успрымання гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
выключэнне дзейнасцi, якая пагражае захаванню гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, рэгенерацыі гiсторыка-горадабудаўнiчага цi прыроднага асяроддзя;
забарона новага будаўнiцтва;
вызначэнне ўмоў абмежаванняў пры правядзенні гаспадарчай дзейнасцi.
У ахоўнай зоне могуць выконвацца наступныя вiды работ:
звязаныя з захаваннем i аднаўленнем планiроўкi, будынкаў, збудаванняў i добраўпарадкаваннем тэрыторый, якiя фармiруюць гiстарычнае асяроддзе i акружэнне гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
звязаныя з упарадкаваннем дарог i дарожак, вонкавага асвятлення, азеляненнем, усталяваннем стэндаў i вiтрын, што адносяцца да гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, забеспячэннем iншых форм добраўпарадкавання, выклiканых патрабаваннямi сучаснага выкарыстання, але не парушаючых гiстарычна каштоўнае горадабудаўнiчае і (або) прыроднае асяроддзе, традыцыйны ландшафт;
звязаныя з вывадам з ахоўнай зоны прамысловых прадпрыемстваў, буйных майстэрняў, складоў, ліквідацыяй або нейтралізацыяй дысгарманiчных пабудоў, якія могуць быць заменены будынкамi, збудаваннямi цi зялёнымi пасадкамi, што не перашкаджаюць захаванню i ўспрыманню гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
i iншыя, прадугледжаныя праектам зон аховы.
Праектам зон аховы можа быць прадугледжаны вывад прамысловых прадпрыемстваў, буйных рамонтных майстэрняў i складоў, што прычыняюць фiзiчныя i эстэтычныя страты гiсторыка-культурным каштоўнасцям i выклiкаюць значныя грузавыя i транспартныя нагрузкі, прыводзяць да забруджвання глебы, паветра i вадаёмаў.
Тэрыторыя ахоўнай зоны павiнна быць даступна для навуковага даследавання i для наведванняў.
8.2. Гранiцы ахоўнай зоны ўстанаўлiваюцца зыходзячы з умоў фiзiчнага захавання гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i яе найлепшага ўспрымання. У гранiцы ахоўнай зоны ўключаюцца тэрыторыя адкрытай прасторы, прылеглая да каштоўнасцi, i ўчасткi з гiстарычнай i мастацка-каштоўнай забудовай, ландшафтам.
Пры блiзкiм размяшчэннi некалькiх не звязаных памiж сабой гiсторыка-культурных каштоўнасцей мэтазгоднай прызнаецца распрацоўка ахоўнай зоны, якая з’яўляецца агульнай для гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама стварае ўмовы выяўлення традыцыйнага антрапагеннага і (або) прыроднага асяроддзя.
Гранiцы ахоўнай зоны неабходна сумяшчаць з граніцамі планiровачных або прыродных аб’ектаў: габарытамi кварталаў, вулiцамi, плошчамi, дарогамi, берагамi рэк, рвамi, ляснымi ўзлескамi і іншымі.
Гранiцы ахоўных зон з гранiцамi гiсторыка-культурнай каштоўнасцi павiнны наносiцца на падаснову пры распрацоўцы генеральнага плана i дэтальнага плана.
9. Зона рэгулявання забудовы – гэта тэрыторыя, неабходная для захавання цi рэгенерацыi гiстарычна абумоўленай сiстэмы планiроўкi, архiтэктурнага, прыроднага акружэння i прасторавай структуры, для замацавання значэння гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў антрапагенным і (або) прыродным асяроддзi, стварэння неабходных умоў успрымання гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.
9.1. Рэжым утрымання i выкарыстання зоны рэгулявання забудовы вызначаецца ўмовамi захавання своеасаблiвасцi архiтэктурнага абрыса гiстарычнай часткi населенага пункта і (або) прыроднага асяроддзя, якія акружаюць гiсторыка-культурную каштоўнасць, выключэння магчымасцi скажэння характару гiстарычных планiроўкi, забудовы і (або) ландшафта, неспрыяльнага ўздзеяння новага будаўнiцтва на гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, ансамблi, панараму, сiлуэт.
Рэжым выкарыстання ўлiчвае канкрэтную сiтуацыю ўзаемаўплыву гiсторыка-культурных каштоўнасцей i новай забудовы.
У зоне рэгулявання забудовы:
захоўваюцца сiстэма каштоўнай гiстарычнай планiроўкi цi яе фрагменты, каштоўныя збудаваннi i элементы ландшафту;
ствараюцца ўмовы, спрыяльныя для зроковага ўспрыняцця гiсторыка-культурных каштоўнасцей;
замацоўваецца цi аднаўляецца горадафармiруючае або тэрытарыяльнае значэнне гiсторыка-культурных каштоўнасцей у архiтэктурна-прасторавай арганiзацыi населенага пункта або ландшафта;
прадугледжваецца ліквідацыя цi нейтралiзацыя дысгарманiчных элементаў, што парушаюць цэласнасць кампазiцыi гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
устанаўлiваюцца абмежаваннi на новае будаўнiцтва i рэжым рэгулявання гаспадарчай дзейнасцi;
вызначаюцца патрабаваннi па рэканструкцыi iснуючай забудовы па функцыянальнаму прызначэнню, вышынi, характару архiтэктурных элементаў, працягласцi i маштабнасцi будынкаў, выкарыстанню будаўнiчых матэрыялаў, каляроваму рашэнню фасадаў, размяшчэнню вонкавай рэкламы, характару азелянення, прыёмам добраўпарадкавання i iншых паказчыках.
У залежнасці ад гістарычнай каштоўнасці планіроўкі і забудовы, іх месцазнаходжання ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх значэння ў фарміраванні асяроддзя вызначаны наступныя віды рэгулявання забудовы:
тэрыторыі, якія непасрэдна прылягаюць да ахоўных зон гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама да участкаў з гістарычна-каштоўнай планіроўкай, забудовай і (або) ландшафтам, дзе рэгуляванне новага будаўніцтва падпарадкавана асноўным заканамернасцям гістарычнай забудовы населенага пункта або традыцыйнага ландшафту, з захоўваннем агульнай маштабнай адпаведнасці новых будынкаў і збудаванняў, а таксама з улікам асаблівасцей гістарычнага асяроддзя;
тэрыторыі, адносна аддаленыя ад гісторыка-культурных каштоўнасцей, з планіроўкай, якая не мае дачынення да гістарычнай забудовы, на якой рэгуляванне вызначаецца задачамі агульнага кампазіцыйнага паяднання, захавання значэння гісторыка-культурных каштоўнасцей у забудове, у панараме населенага пункта і структуры ландшафта.
У зоне рэгулявання забудовы не дазваляецца размяшчаць новыя прамысловыя прадпрыемствы, транспартна-складскія і іншыя збудаванні, якія ствараюць транспартныя нагрузкі, вядуць да забруджвання паветранага і воднага басейнаў, з’яўляюцца небяспечнымі ў пажарных адносінах і выбухованебяспечнымі.
У зоне рэгулявання забудовы не дапускаецца будаўніцтва транспартных магістралей і развязак, эстакад, мастоў і іншых інжынерных збудаванняў, якія парушаюць гістарычны выгляд населенага пункта і традыцыйнае прыроднае асяроддзе.
9.2. Граніцы зоны рэгулявання забудовы вызначаюцца зыходзячы з зоны бачнасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і візуальнага ўспрымання прыроднага антрапагеннага і прыроднага асяроддзяў ад гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У граніцы зоны рэгулявання забудовы ўключаюцца тэрыторыі з гістарычнай планіровачнай і аб’ёмна-прасторавай структурай, а таксама з новай забудовай, у залежнасці ад месцазнаходжання асноўных кропак агляду гісторыка-культурных каштоўнасцей і гарадскіх панарам, неабходнасці забеспячэння рэгулявання вышыні і габарытаў новай забудовы на ўсю глыбіню бачнасці, які разгортваецца з гэтых кропак.
Для забеспячэння спрыяльных умоў візуальнага ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх комплексаў неабходна:
не засланяць гісторыка-культурныя каштоўнасці новымі будынкамі ў кропках і зонах найлепшага візуальнага ўспрымання;
пазбягаць размяшчэння ў зоне бачнасці гісторыка-культурных каштоўнасцей новых будынкаў, якія фарміруюць неспрыяльны для ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей фон;
улічваць басейн бачнасці – зону актыўнага уплыву гісторыка-культурных каштоўнасцей пры ажыццяўленні комплекснай горадабудаўнічай рэканструкцыі тэрыторыі.
Граніцы зоны рэгуляванай забудовы вызначаюцца на падставе вывучэння гістарычна-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, аналізу дадзеных натурнага даследавання і фатаграфічных фіксацый, якія выяўляюць межы кампазіцыйнага ўздзеяння гістарачных збудаванняў і ансамбляў на навакольнае асяроддзе, а таксама разлікамі габарытаў новай забудовы, якая не павінна парушаць гістарычнае асяроддзе і адмоўна ўплываць на кампазіцыйную ролю гісторыка-культурных каштоўнасцей .
Граніцы зоны рэгулюемай забудовы неабходна сумяшчаць з планіровачнымі або прыроднымі межамі: габарытамі кварталаў, вуліцамі, дарогамі, плошчамі і г.д.
10. Зона аховы ландшафту – тэрыторыя, неабходная для захавання або рэгенерацыі ландшафта, што акружае гісторыка-культурную каштоўнасць.
Зона аховы ландшафта ўключае прыроднае акружэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці, у тым ліку рэльеф, на якім вызнаецца месцазнаходжанне будынкаў і збудаванняў, што ўздзейнічаюць на цэласнасць успрыманне гісторыка-культурных каштоўнасцей.
10.1. Рэжым утрымання і выкарыстання зоны аховы ландшафту вызначаецца ўмовамі захавання гістарычнага ландшафту, які кампазіцыйна звязаны з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
У зоне аховы ландшафту:
захоўваецца гістарычна каштоўны рэльеф, водныя сістэмы, лясныя масівы, сельскія ландшафты і іншыя прыродныя аб’екты, якія гістарычна звязаны з гісторыка-культурнай каштоўнасцю;
забяспечваецца выяўленне гістарычнай ролі ландшафта ва ўспрыманні гісторыка-культурных каштоўнасцей;
аднаўляюцца лясы, праводзяцца мерапрыемствы па абароне лугавых, берагавых і іншых тэрыторый ад апоўзняў, размыва, умацоўваюцца схілы, яры, праводзяцца іншыя неабходныя прыродаахоўныя мерапрыемствы;
прадугледжваецца ліквідацыя або нейтралізацыя дысгарманічных элементаў ландшафта;
забараняецца або рэгулюецца будаўнічая і гаспадарчая дзейнасць.
На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дапускаецца гаспадарчая дзейнасць, якая не наносіць шкоды ландшафту і не скажае яго, не патрабуе ўзвядзення новых капітальных пабудоў, якія скажаюць традыцыйнае прыроднае асяроддзе гісторыка-культурнай каштоўнасці. У адпаведнасці з умовамі рэжыма на вызначаных участках зоны аховы ландшафта магчымы сенакос, выпас жывёлы, палявыя, агародныя і іншыя работы, якія не вядуць да змянення навакольнага асяроддзя.
Адкрытыя паляны і сенажаці могуць быць выкарыстаны для эпізадычных масавых свят і гулянняў без будаўніцтва стацыянарных збудаванняў.
10.2. Граніцы зоны аховы ландшафта ўстанаўліваюцца зыходзячы з узаемасувязі гісторыка-культурнай каштоўнасці з прыроднымі ландшафтамі.
У граніцы зоны аховы ландшафта ўключаюцца тэрыторыі як натуральна прыродныя, так і тыя, што знаходзяцца пад антрапагенным ўздзеяннем, у залежнасці ад ступені ўрбанізацыі терыторыі.
У граніцах зоны аховы ландшафта павінна быць захавана або адноўлена характэрнае прыроднае асяроддзе (рэльеф, водныя сістэмы, лясы, палі, сельскі ландшафт і іншае).
Граніцы зоны аховы ландшафту неабходна сумяшчаць з планіровачнымі або прыроднымі межамі (вуліцамі, дарогамі, броўкамі схілаў, лініямі берагавой паласы, узлескамі і г.д.).
11. Зона аховы культурнага пласта – гэта тэрыторыя, якая прылягае да гісторыка-культурнай каштоўнасці, звязаная з ёю гістарычна і фукцыянальна і неабходна для захавання археалагічных аб’ектаў.
Зона аховы культурнага слоя ўстанаўліваецца для выяўлення, захавання і даследавання аб’ектаў археалогіі.
У зоне аховы культурнага пласта неабходна прадугледжваць правядзенне будаўнічых і земляных работ з умовай прыняцця неабходных мер па ахове археалагічных аб’ектаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Граніцы зоны аховы культурнага пласта ўстанаўліваюцца на падставе архіўна-бібліяграфічных і археалагічных звестак.
У граніцы зоны аховы культурнага пласта ўключаюцца тэрыторыі, якія ўтрымліваюць матэрыяльныя аб’екты ці іх комплексы, што ўзніклі ў выніку жыццядзейнасці чалавека ад яго з’яўлення да перыяду новай гісторыі і выяўлены на аснове спецыяльных археалагічных метадаў.
12. Рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей садова-паркавага і ландшафтнага мастацтва вызначаюцца з улікам патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства.


ГЛАВА 3
ПАРАДАК РАСПРАЦОЎКІ ПРАЕКТАЎ ЗОН АХОВЫ

13. Вызначаныя згодна з главой 2 дадзенай Інструкцыі склад, граніцы, рэжымы утрымання і выкарыстання зон аховы адражаюцца у праекце зон аховы.
14. Распрацоўка праектаў зон аховы ажыццяўляецца праектнымi арганiзацыямi, якiя маюць у сваiм складзе спецыялiстаў, квалiфiкацыя якiх пацверджана пасведчаннем на права выканання навукова-даследчых работ на гiсторыка-культурных каштоўнасцях i кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях.
15. Заказчыкам работ могуць выступаць адпаведныя службы мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў або, па iх даручэнню, юрыдычныя, фiзiчныя асобы, у тым лiку iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, зацiкаўленыя ў правядзеннi работ на гiсторыка-культурных каштоўнасцях і на тэрыторыях, прылеглых да іх.
16. Распрацоўка праектаў зон аховы можа выконваца толькі з дазволу Мiнiстэрствам культуры, які выдаецца ў парадку, вызначаным заканадаўствам, пасля ўзгаднення задання на распрацоўку праекта зон аховы.
Заданне на распрацоўку праекта зон аховы складаецца распрацоўшчыкам сумесна з заказчыкам па форме згодна з дадаткам да дадзенай Iнструкцыi і накіроўваецца на ўзгадненне ў Мiнiстэрства культуры.
17. Калі апісанне гранiц гiсторыка-культурнай каштоўнасцi адсутнічае або не вызначана ў Дзяржаўным спісе гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, iх устанаўленне ажыццяўляецца на стадыi распрацоўкi праекта зон аховы на падставе праведзеных навукова-даследчых работ і ўносіцца ў праект зон аховы.
18. Пры разгрупаваным размяшчэннi гiсторыка-культурных каштоўнасцей гранiцы iх ахоўных зон могуць быць аб´яднаны.
19. Друкаванне i афармленне тлумачальнай запiскi праектаў зон аховы павінна ажыццяўляцца на аркушах фармату А4 (210х297) з наступнымi параметрамi настройкi ў рэдактары Microsoft Word:
палi старонак: верхняе i нiжняе – 20 мм, левае – 30 мм, правае – 10 мм;
шрыфт Times New Roman Cyr, звычайны, памер 15 пт;
мiжрадковы iнтэрвал – адзiнарны;
першы радок у абзацы з адступленнем 1,25 см;
выраўноўванне па шырынi i, як правiла, без пераносу слоў;
нумары старонак у цэнтры верхняга калантытула з адлегласцю 1,0-1,5 см ад верхняга краю, памер шрыфта 14 пт (першая старонка не нумаруецца).


ГЛАВА 4
СКЛАД ПРАЕКТАЎ ЗОН АХОВЫ

20. Праект зон аховы павiнен змяшчаць наступныя раздзелы:
папярэднiя работы;
навукова-даследчыя работы;
апісанне гранiц i рэжымаў утрымання i выкарыстання зон аховы;
графiчныя матэрыялы ў адпаведнасцi з падпунктам 22.3. пункта 22 i пунктам 23 гэтай главы.
21. Раздзел праекта зон аховы «Папярэднiя работы» рыхтуецца з мэтай азнаямлення з гiсторыка-культурнай каштоўнасцю i прылеглай да яе тэрыторыi. У ходзе падрыхтоўкі раздзела праекта зон аховы «Папярэднiя работы» ажыццяўляецца:
азнаямленне з дакументацыяй, прадстаўленай заказчыкам;
азнаямленне з праектнай дакументацыяй у арганiзацыях горадабудаўнiчага профiлю, складанне iх пералiкаў i зняцце копiй;
папярэдняе натурнае азнаямленне з гiсторыка-культурнай каштоўнасцю;
вызначэнне тэрыторыi для даследавання, зверка геападасновы з натурай;
папярэдняе вывучэнне лiтаратурных i графiчных крыніц.
У раздзел «Папярэднiя работы» уключаюцца наступныя матэрыялы:
заданне на распрацоўку праекта зон аховы, узгодненае Мiнiстэрствам культуры;
апiсанне гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i прылеглай да яе тэрыторыi;
акт вызначэння катэгорыi складанасцi, падпiсаны выканаўцам i заказчыкам.
22. Раздзел праекта зон аховы «Навукова-даследчыя работы» рыхтуецца з мэтай падрыхтоўкi навуковага i метадычнага абгрунтавання зон аховы гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, якія ўстанаўліваюцца.
Раздзел праектнай дакументацыi «Навукова-даследчыя работы» уключае выкананне наступных работ: гiсторыка-архiўныя, бiблiяграфiчныя i натурныя даследаваннi.
22.1. Гiсторыка-архiўныя і бiблiяграфiчныя даследаваннi – гэта вывучэнне пісьмовых, літаратурных, архiўных крыніц.
Па вынiках праведзеных гiсторыка-архiўных i бiблiяграфiчных даследаванняў складаецца гiстарычная даведка, якая павiнна змяшчаць наступныя матэрыялы, што ўключаюцца ў тлумачальную запiску:
выпiскi з архiўных i бiблiяграфiчных крынiц, якiя прадстаўляюць пералiк гiстарычных звестак аб гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
копii гiстарычных планаў і (або) карт ці іх фрагментаў, пачынаючы з найбольш ранніх, з адлюстраваннем тэрыторый, на якіх размешчаны гісторыка-культурныя каштоўнасці;
гiстарычныя натурныя фотаздымкi цi малюнкi асобных будынкаў, збудаванняў, іх комплексаў або ансамбляў, горадабудаўнічых панарам, іншых неабходных для падрыхтоўкі праекта зон аховы адлюстраванняў тэрыторый, якія закранаюцца гэтым праектам;
спiс бiблiяграфiчных, музейных, архiўных і іншых крыніц, якiя ўтрымліваюць звесткi аб гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.
22.2. Натурныя даследаваннi – гэта вiзуальнае вывучэнне характару размяшчэння і ўспрымання гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў натуральных умовах. У ходзе натурных даследаванняў праводзяць:
вывучэнне архiтэктурных асаблiвасцей гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
даследаванне планiровачнай i прасторавай структуры тэрыторыі, дзе размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, i асаблівасцей яе гiстарычнага фармiравання; сiстэмы вулiц, плошчаў, дарог, заселеных і незаселеных, занятых расліннасцю і адкрытых тэрыторый i iх прасторавай арганiзацыi, зрокавых сувязей памiж архiтэктурнымi комплексамi, сувязi iх з прыродным акружэннем; аналiз ландшафта i своеасаблiвасцей абрысу населенага пункту;
даследаванне забудовы населенага пункта – мастацка-гiстарычнай каштоўнасцi складаючых яго будынкаў i збудаванняў, вызначэнне горадафармiруючага значэння гiсторыка-культурных каштоўнасцей, выяўленне аб´ектаў, якiя патрабуюць захавання i надання iм статусу гiсторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама аб´ектаў, што парушаюць архiтэктурнае адзiнства горадабудаўнічага комплекса або перашкаджаюць візуальнаму ўспрыманню гiсторыка-культурных каштоўнасцей або ландшафту;
фотафiксацыю гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў існуючай сiстэме планiровачнай структуры з вызначэннем найбольш значных вiдавых кропак;
ландшафтны аналiз тэрыторыi – адлюстраванне асаблiвасцей прыроднага ландшафту і вiзуальнага ўспрымання прыродных i архiтэктурных дамiнант, выяўленне каштоўных i дысанiруючых элементаў;
вызначэнне межаў распаўсюджвання культурнага пласта i яго магутнасцi на тэрыторыі праектавання на падставе апублiкаваных звестак;
апiсанне прынцыпаў ацэнкi забудовы, яе тыпалогii, парадак аднясення тых цi iншых аб´ектаў да дысгарманiчных, тлумачэнне прынятых умоўных адзнак, пералiк гiсторыка-культурных каштоўнасцей, рэкамендацыi па правядзенню неабходных мерапрыемстваў, звязаных з выкарыстаннем нерухомых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, iх асяроддзя, а таксама па ліквідацыі парушэнняў, якiя прычыняюць шкоду гiсторыка-культурным каштоўнасцям i iх асяроддзю.
22.3. Па вынiках праведзеных натурных даследаванняў у праект зон аховы уключаюцца наступныя чарцяжы:
«гiсторыка-архiтэктурны апорны план» (маштаб 1:5000 – 1:2000; 1:500), на якiм павiнны быць нанесены ўсе нерухомыя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, iншыя будынкi i збудаваннi, аб´екты, што фармiруюць асяроддзе, у тым лiку сiстэмы i элементы планiроўкi, сувязi, якiя маюць гiстарычную і горадафармiруючую значнасць, традыцыйныя месцы зрокавага ўспрымання гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i панарамы забудовы, якая ўключае гiсторыка-культурную каштоўнасць;
«схема ландшафтнага аналiзу» (маштаб 1:5000 – 1:2000; 1:500), якая выяўляе iснуючыя найбольш значныя элементы i сiстэмы ландшафта, iснуючыя i (або) страчаныя вiдавыя сувязi, зону найлепшага візуальнага ўспрымання гiсторыка-культурных каштоўнасцей, якая вызначаецца на адлегласці ад 250 да 350 метраў ад гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, у залежнасцi ад якасцi бачнасцi ўсiх яе дэталей. Канфiгурацыя зоны вызначаецца ў асноўным эмпiрычна на месцы i залежыць ад характару рэльефа, планiроўкi, характару навакольнай забудовы і расліннасці. Басейн бачнасцi гiсторыка-культурных каштоўнасцей i дамiнант вызначаецца агульным характарам рэльефа, размяшчэннем гiсторыка-культурных каштоўнасцей, дамiнант i iх вышынёй. Мяжа басейна бачнасцi можа быць вызначана толькi на мясцовасцi i пацверджана фотафiксацыяй;
графiчныя матэрыялы, панарамы, перспектывы, разгорткi, фота з натуры, якiя характаразуюць працэс развiцця i сучасны стан гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, асяроддзя i тэрыторыi, прылеглай да каштоўнасцi.
На чарцяжах паказваецца пералiк умоўных пазначэнняў, неабходных для графiчнага складання гiсторыка-архiтэктурнага апорнага плана:
гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, уключаныя ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь;
каштоўнае гiсторыка-архiтэктурнае асяроддзе;
шэраговае гiсторыка-архiтэктурнае асяроддзе;
нейтральная забудова;
дысаніруючая забудова;
археалагiчныя аб´екты і (або) тэрыторыі з наяўным культурным пластам;
чырвоныя лiнii кварталаў гiстарычна каштоўнай планiровачнай структуры;
напрамкi вулiц, якія захаваліся з мінулага;
межы домаўладанняў;
зялёныя пасадкi, якія захаваліся з мінулага;
мяжа тэрыторыi гiстарычнай часткi населенага пункта;
кропкi вiзуальных панарамных раскрыццяў;
тэрыторыi кварталаў забудовы;
прамыслова-складскiя тэрыторыi;
крутыя схiлы тэрас i рвоў;
зялёныя пасадкi агульнага карыстання;
пабудова схем гістарычных этапаў змянення праектіровачнай і аб’ёмна-прасторавай структуры развіцця i iнш.
23. У раздзеле праекта зон аховы «Гранiцы, рэжымы ўтрымання i выкарыстання зон аховы» даецца апiсанне гранiц гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, зон аховы, iх рэжымаў утрымання i выкарыстання з абгрунтаваннем прынятых у праекце рашэнняў, падрабязным апiсаннем прывязак гранiц зон аховы да антрапагенных і (або) прыродных аб’ектаў, удакладненнем рэжыма выкарыстання i ўтрымання тэрыторый зон аховы ў адпаведнасцi з канкрэтнымi ўмовамi кожнай зоны або розных iх участкаў.
Чарцёж «Гранiцы зон аховы» рыхтуецца нанясеннем на план населенага пункта, на якiм паказана планiроўка тэрыторыi, прылеглай да гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў маштабе 1:5000 – 1:500. На чарцяжы «Гранiцы зон аховы» наносяцца таксама i гранiцы гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.


ГЛАВА 5
ЗАЦВЯРДЖЭННЕ ПРАЕКТАЎ ЗОН АХОВЫ

24. Праекты зон аховы зацвярджаюцца пастановай Міністэрства культуры.
25. Для зацвярджэння праекта зон аховы заказчыкам (або па яго даручэнню праектыроўшчыкам) ў Міністэрства культуры накіроўваюцца:
пісьмо-заява аб зацвярджэнні праекта зон аховы ў вольнай форме;
1 камплект праекта зон аховы ў складзе, які вызначаны главой 4 дадзенай Інструкцыі (для разгляду і перадачы ў Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне);
раздзел праекта "Граніцы і рэжымы ўтрымання зон аховы” (тэкставыя і графічныя матэрыялы) у 2 экземплярах і на электронным носьбіце (для афармлення дадатку да пастановы Міністэрства культуры, для яго зацвярджэння);
копія папярэдняга ўзгаднення масцовым выканаўчым і распарадчым органам, на тэрыторыі якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць.
26. Зацвярджэнне праектаў зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі "0”, "1”, "2” ажыццяўляецца на падставе станоўчага заключэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (далей - Навукова-метадычная рада).
Неадобраны Навукова-метадычнай радай праект зон аховы не падлягае зацвярджэнню і павінен быць дапрацаваны з улікам заўваг.
27. Падрыхтоўка і прыняцце пастановы Міністэрства культуры ажыцяўляецца ў 30-дзённы тэрмін з дня падачы пісьма-заявы пры ўмове выканання патрабаванняў, вызначаных дадзенай Інструкцыяй, або рашэння Навукова-метадычнай рады.
28. У выпадку немагчымасці падрыхтоўкі пастановы аб зацвярджэнні праекта зон аховы Міністэрствам культуры рыхтуецца заключэнне па навукова-праектнай дакументацыі ўстаноўленай формы з указаннем прычын адмовы ў зацвярджэнні праекта зон аховы.
29. Копіі пастановы Міністэрства культуры аб зацвярджэнні праекта зон аховы накіроўваюцца заказчыку работ і ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, на тэрыторыі якого размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць.

Случайные статьи:

  1. Особенности эксплуатации общественных зданий
  2. Методы защиты бетонных и железобетонных конструкций от коррозии
  3. Типовые структуры эксплуатационной организации
  4. Проектирование подвалов. Технические подполья.
  5. Международная Хартия Исторических парков.Флорентийская хартия.
  6. Маркировка ворот
  7. Особенности Античной греческой архитектуры
  8. Техническое обслуживание и ремонт окон, дверей и световых фонарей.
  9. Вопросы по ордерам
  10. Конвенция об охране Всемирного культурного и природного наследия
Категория: Реконструкция и реставрация зданий | Добавил: tp9 (11.03.2013)
Просмотров: 1688 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Меню сайта
Категории раздела
Археология и история архитектуры [13]
Архитектура [10]
Техническая эксплуатация зданий [23]
Технология строительного производства [1]
Реконструкция и реставрация зданий [17]
Ротатор
People-Group
WMlink.ru
Так.ру
Copyright MyCorp © 2024