Проектирование в строительстве
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Цена
Поиск
Статистика
Главная » Статьи » Археология и история архитектуры

Объекты Всемирного Наследия в Республике Беларусь
Дуга мерыдыяна Струве (21 пункт) - ХІХ ст.
Брэсцкая вобласць


У XVIII ст. у першыню было вызначана , што зямля мае форму эліпсоіда. Аднак вымярэнні, на падставе якіх гэта было вызначана, не давалі дакладных вынікаў. Таму ў XIX ст. навукоўцамі многіх краін свету выконваліся новыя градусныя вымярэнні, з дапамогай якіх былі акрэслены памеры і формы Зямлі, і якія адыгралі грандыёзную ролю ў развіцці навуковых ведаў. Пад кіраўніцтвам вядомага рускага астранома першага дырэктара Пулкаўскай абсерваторыі Васіля Струве з 1816-га па 1855 год ажыцяўлялася вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Фугленесам (70 градусаў 40 мінут паўночнай шыраты), размешчанага на беразе Паўночнага Ледавітага акіяна, і Стара-Някрасаўскай (вусце Дуная, 45 градусаў 20 мінут паўночнай шыраты) агульнай працягласцю 2880 кіламетраў.
У працэсе вымярэнняў было закладзена 258 геадэзічных пунктаў на тэрыторыі 10 краін (Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Расія, Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Украіна, Малдова). 
Пошукам і аднаўленнем гэтых пунктаў займаюцца спецыялісты унітарнага прадпрыемства аэракасмічных метадаў у геадэзіі "Белаэракосмагеадэзія". 
У выніку пошукава-даследчых работ было выяўлена 19 пунктаў дугі Струве, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі. 
Пункты былі замацаваны па-рознаму. У першым адкапаным цэнтры знойдзена пяшчанікавая пліта. Другі базісны пункт у Чэкуцку выраблены ў выглядзе пэўнай кладкі з цэглы, якая клалася адна на адну. Пункт у Ляскавічах быў у выглядзе гранітнага куба, залітага ў сярэдзіне свінцом. Пазней быў знойдзены пункт Бездзеж, дзе цэнтрам была замураваная вапнай ў камень цагліна. Валун з надпісам 1825 г. быў знойдзены на пункце Асаўніца, дзе побач з датай існуе і вензель генерала Тэнера. Цяпер усе захаваныя пункты абазначаны металічнымі чатырохграннымі ахоўнымі пірамідамі.
Пункты дугі Струве – першыя пункты геадэзічнай сеткі, замацаваныя на тэрыторыі нашай дзяржавы.

Белавежская пушча

Белавежская пушча — адзін з найбуйнейшых і старажытных лясных запаведнікаў Еўропы (плошча каля 145 тыс. га). Размешчана на тэрыторыі Брэсцкай (Камянецкі і Пружанскі раёны), Гродзенскай (Свіслацкі раён) абласцей, а таксама на тэрыторыі Полыпчы (каля 57 тыс. га).
Першыя звесткі аб мясцовасці і плямёнах (неўрах), што насялялі тэрыторыю пушчы, згадваюцца ў «Гісторыі» Герадота ( V ст. да н.э.), у творах Плінія Старэйшага і Тацыта ( I — II ст. н.э.). Паводле сведчання гісторыка П.М.Шпілеўскага, назву Белавежская пушча хутчэй за ўсё атрымала ад старажытнага мураванага замка з прыгожымі белымі вежамі, які ўзвёў яцвяжскі князь у цэнтры пушчы. Тут у 1409 г. напярэдадні Грунвальдскай бітвы сустракаліся вялікі князь ВКЛ Вітаўт і вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Уладзіслаў II Ягайла, якія палявалі на зуброў, займаліся арганізацыяй і нарыхтоўкай правіянту для сваіх ратнікаў . Безумоўна, што гэта было самае старажытнае збудаванне ў Белавежскай пушчы.
Як старажытны некрануты лясны масіў Белавежская пушча ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе з 983 г.
У сярэдзіне XV ст. унук Ягайлы Аляксандр пабудаваў у пушчы для жонкі Алены (дачка рускага цара Івана III ) драўляны палац, на які пасля 1454 г. напалі раз'юшаныя зубры і разбурылі яго. 
Наступны нашчадак Ягайлы — Жыгімонт I Стары на ўзвышшы каля мястэчка Нараўка ўзвёў раскошны паляўнічы палац з флігелямі, якія таксама былі аздоблены белымі вежамі.
У 1581 г. пры Стафане Баторыі непадалёку ад Старога Белавежа, дзе стаяў палац Жыгімонта I , быў пабудаваны новы замак, і з той пары ўся навакольная мясцовасць стала называцца Замчышчам. Замак Баторыя па традыцыі таксама меў белыя вежкі. Пры Баторыі каля вытокаў р. Ялянка ўзнік першы каралеўскі паляўнічы звярынец.
Крыху пазней у 1610 г. па загадзе караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV была створана рэзідэнцыя галоўнага ляснічага для вышэйшага нагляду за пушчай.
Рэзідэнцыя месцілася ў фальварку Ямна паміж селішчам Каралеўскі Мост і мястэчкам Камянец-Літоўск.
Наступны кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III значна перабудаваў і пашырыў паляўнічы звярынец Баторыя на р. Ялянка, пасля чаго ён атрымаў назву Аўгустаў сад. Там былі ўзведзены альтанкі для караля і яго акружэння. Наступным збудаваннем Аўгуста III стаў новы паляўнічы замак, а палац Жыгімонта I быў прыстасаваны пад рэзідэнцыю і жыллё галоўнага егера, які кіраваў усім паляваннем і арсеналам. 
Замак Аўгуста III размяшчаўся на ўзвышаным беразе р. Нараўка, амаль у цэнтры пушчы за 7 вёрстаў ад паляўнічага палаца Жыгімонта I . 
Паводле апісання гісторыка барона фон Брынкена, замак быў абкружаны прыгожым паркам і выходзіў адным фасадам на Нараўку, другім — на луг з магутнымі дубамі. Збоку каля замка размяшчаўся прасторны двор, вакол якога былі паляўнічыя збудаванні. 
Галоўны будынак замка быў разлічаны на прыём шматлікіх гасцей. У сярэдзіне яго існавала велізарная зала з камінамі, а па баках размяшчаліся ўтульныя з высокамастацкай аздобай пакоі для адпачынку. 
На ўспамін аб паляванні Аўгуста III 27 верасня 1752 г. непадалёку ад замка быў узведзены мураваны абеліск. 
У 1812 г. аўстрыйскія і саксонскія войскі разрабавалі ўвесь замак, а ў час нацыянальнавызваленчага паўстання 1831 г. на месцы замка была насыпана і ўстаноўлена батарэя. 
Наступны і апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў сярэдзіне 1784 г. узводзіць у Аўгуставым садзе драўляны трохпавярховы палацпавільён. На ніжнім паверсе ў ім размяшчаліся слугі, у сярэднім знаходзілася вялікая зала для караля, а верхні ўяўляў сабой адкрыты балкон, з якога прыдворныя назіралі за паляваннем караля. 
Пасля падзелу Рэчы Паспалітай расійскія імператары будавалі ўласныя паляўнічыя рэзідэнцыі. У 1860 г. Аляксандр II пабудаваў сабе невялікі павільён і заклаў дубовую алею вакол чыгуннага зубра, устаноўленага каля павільёна звярынца. Павільён сваёй простай архітэктурай і аздобай нагадваў сядзібны палац незаможнага беларускага шляхціца таго перыяду. 
Паводле ўказа расійскага імператара Аляксандра III, у 1889 г. цэнтральная частка пушчы з мяст. Белавежа (каля 100 дзесяцін) на самым узвышаным беразе р. Нараўкі, паміж вёскамі Сточак і Застава, была выдзелена пад будаўніцтва паляўнічай рэзідэнцыі. 3 гэтага часу пачалося ўзвядзенне грандыёзнага палаца ў стылі рамантычнага сярэдневяковага замка з вялікімі, высокімі вежамі і круглымі востраканечнымі дахамі . Будаўніцтва гэтага манументальнага архітэктурнага аб'екта было завершана ў 1894 г. За кароткі тэрмін былі пабудаваны таксама рэпрэзентацыйныя дамы і павільёны для імператарскага акружэння, кухонныя пабудовы, стайні на 40 коней, галерэя з пральняй і тэлефоннай станцыяй, вялікае трохпавярховае памяшканне для гофмаршальскай службы, дом даглядчыка палаца, лядоўня, пякарня, электрастанцыя, егерскі дом і інш. Разам з будаўніцтвам імператарскага палаца ў 1895 г. заклалі вялікі англійскі парк з парод дрэў канадскай флоры і высадзілі купы з яловых пасадак. Адначасова па праекце архітэктара Валерыяна Кроненберга ў паўднёвай частцы парку стварылі дзве сажалкі, запрудзіўшы р. Нараўка. Будынак палаца ўзводзіўся на прывазным партландскім цэменце, з мясцовай цэглы, меў два паверхі, а таксама скляпы і мансарды. Мэбліроўка палаца была выканана з 10 парод дрэў, якія растуць у пушчы (сасна, елка, дуб, бяроза, ільма, граб, клён, белы бук, вольха і асіна). 
Дрэвам былі аздоблены плафоны, карнізы, рамкі, панэлі. Замест дарагой разьбы, якая не адпавядала б простым пародам дрэва, прымянялася выпальванне арнаменту, а пано запаўняліся жывапісам, алейнымі фарбамі, манільскімі і кітайскімі рагожамі, англійскім рознакаляровым паркалем. 
Для акоўкі дзвярэй, акон, усталявання люстраў, кандэлябраў і іншых унутраных металічных рэчаў служыла паліраванае і чарнёнае жалеза ў спалучэнні з чырвонай меддзю. 
Паміж пакоямі для світы было адно памяшканне, якое здзіўляла і ўражвала тым, што сцены і мэбля ў ім былі 
абклеены старымі паштоўкамі з усяго свету. Карціны і размалёўка столі, пярэдняй, вестыбюля, сталовай, більярднай, кавярні, імператарскіх пакояў і памяшканняў для світы былі выкананы таленавітым мастаком Ясінскім. 
Уся тэрыторыя палацавапаркавага ансамбля бьгла абнесена агароджай, якая сваёй аздобай нагадвала агароджу Летняга саду ў СанктПецярбургу. У 1895 г. была асвячона новая царква, пабудаваная побач для царскага двара. 
Пагорак каля палаца аздаблялі шматлікія валуны арыгінальнай формы, абсаджаныя раслінаміўюнамі. 
3 1919 г. тэрыторыя Белавежскай пушчы поўнасцю ўвайшла ў склад Польшчы. У 1933 г. нашчадкі роду Тышкевічаў побач з в. Жаркаўшчына (цяпер Свіслацкі раён, на мяжы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей) пабудавалі драўляны трохпавярховы палац. Франтальны фасад палаца вылучаны шырокай верандай, тыльны — зашклёным невялікім ганкам. Над верандай размешчаны балкон з балюстрадай. Дах чатырохсхільны, накрыты жалезам. Палац мае 8 пакояў. Выкарыстоваецца як Дом паляўнічага для адпачынку турыстаў і гасцей. Вакол палаца быў закладзены пейзажны парк. Побач з палацам Тышкевічаў устаноўлены мемарыяльны знак, на якім высечаны тэкст пра ваенныя паходы графа генерала Тышкевіча. Пасля Вялікай Айчыннай вайны пушча была падзелена паміж СССР і Полыпчай. Імператарскі палац Белавежскай пушчы апынуўся на польскай тэрыторыі. 
У пачатку 1950х гадоў палац быў знішчаны, ад яго застаўся толькі архітэктурны ансамбль гаспадарчых пабудоў. 
3 гэтага часу наступіў новы этап у гісторыі пушчы, размешчанай на тэрыторыі СССР. 
Па ініцыятыве 1га сакратара ЦК КПСС М.С.Хрушчова пушча набыла статус элітарнай паляўнічай гаспадаркі для высокапастаўленых чыноўнікаў. 
Ва 1957—1960 гг. у пушчы для гэтых мэт была ўзведзена ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі з павільёнам для гасцей, гасцініцай, катэджамі, лазняйсаунай і лядоўняй. Пазней непадалёку былі выкапаны дзве штучныя сажалкі, усталяваны паляўнічыя вышкі. 
Доўгі час рэзідэнцыя была закрытым месцам, цяпер яна адчынена для наведвання айчыннымі і замежнымі турыстамі і гасцямі. У 1957 г. Белавежская пушча абвешчана запаведнапаляўнічай гаспадаркай, у верасні 1991 г. ёй нададзены статус Нацыянальнага парку Беларусі. 
У снежні 1991 г. у Віскулях адбылася сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны, якія абвясцілі ўсяму свету аб спыненні існавання Савецкага Саюза і падпісалі пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 
У сучасны перыяд Белавежская пушча мае 1460 відаў флоры і 8,3 тысячы відаў фауны. 
На яе тэрыторыі існуюць 4 маляўнічыя возеры: Хмялеўскае з шэрагам крыніц, Перароўскае, Яцкоўскае і 
Мікалаеўскае. Праз пушчу працякаюць рэчкі Саламянка, Лясная і Белая. 
У 1993 г. рашэннем ЮНЕСКА Белавежская пушча ўключана ў спіс унікальных біясферных запаведнікаў свету. 16я сесія Камітэта аховы сусветнай спадчыны (1992) усю тэрыторыю Белавежскай пушчы абвясціла аб'ектам сусветнай і культурнай спадчыны.

Замкавы комплекс "Мір” - ХV-ХХ стст.
(будынкі, збудаванні, планіровачная структура, ландшафтныя кампазіцыі, рэшткі земляных абарончых збудаванняў, элементы абваднення)
г.п. Мір

З 1490 г. Мір належаў беларускім магнатам князям Ільінічам. Першы ўладальнік горада з гэтага роду - Юры Ільініч – і з'явіўся ініцыятарам будаўніцтва ў Міры мураванага замка. Дакладных звестак пра час узвядзення Мірскага замка няма. Першыя ўпамінанні аб ім адносяцца да 1531 г. Відавочна, заснаванне мела месца дзесьці на мяжы 15-16 стст.
Планіровачныя асаблівасці замка (вынясенне за знешні контур абарончых сцен чатырох нарожных і адной брамнай вежаў), наяўнасць гарматных байніц, якія, дарэчы, размяшчаліся не толькі ў дзвюх абарончых сценах (паўднёвай і ўсходняй), але і на трэцім ярусе паўднёва-заходняй, "гарматнай" вежы) сведчаць аб тым, што будаваўся ён з улікам вынаходніцтва пальнай зброі і мог уяўляць сабой адзін з лепшых узораў мясцовай фартэцыі свайго часу. 
Ільінічы валодалі замкам нядоўга - усяго толькі на працягу трох пакаленняў. Унук першага будаўніка замка - граф Свяшчэннай Рымскай Імперыі з гэтага роду - быў апошнім яго прадстаўніком. У 1568 г., паміраючы бяздзетным, ён у якасці падзякі за апеку (выхаваннем Юрыя Ільініча малодшага займаўся Мікалай Радзівіл Чорны), перадаў Мір разам з графскім тытулам сыну свайго выхавацеля Мікалаю Хрыстафору Радзівілу. 
У сваіх шматлікіх вандроўках Мікалай Хрыстафор Радзівіл (па мянушчы Сіротка) пазнаёміўся з лепшымі дасягненнямі тагачаснай архітэктуры. Для ўдасканалення сваіх уладанняў ім былі запрошаны майстры з Італіі, пад кіраўнцтвам якіх, верагодна, праводзілася завяршэнне будаўніцтва замка. 
Былі ўзведзены два карпусы трохпавярховага з лёхамі палаца. Месца іх размяшчэння рознілася ад першапачатковай задумы (адзін з карпусоў быў прыбудаваны не да паўднёвай, а да паўночнай сцяны). Усё збудаванне ў цэлым фактычна пераўтварылася ў палац. Функцыю абароны ўзялі на сябе ўзведзеныя ў той жа час земляныя валы з бастыёнамі. 
Увядзенне ў помнік элементаў новай рэнесанснай эстэтыкі вымусіла будаўнікоў перайначыць першапачатковае архітэктурна-мастацкае вырашэнне фасадаў некаторых ужо завершаных фрагментаў замка, аднак агульная кампазіцыя збудавання, аб'ёмныя рашэнні яго вежаў засталіся нязменнымі. 
Завершаныя раней сцены і вежы замка, якія непасрэдна не прымыкалі да новага палаца, былі пакінуты амаль без пераробак. На адзін паверх былі павышаны скляпенні і больш багата аздоблены інтэр'еры капліцы св. Хрыстафора, размешчанай над уяздной брамай, зменены канструкцыі галерэі на заходняй сцяне і замест корпуса дабудавана новая галерэя на паўднёвай. Ля галоўнай вежы перад уездам у замак узнікла падковападобная ў плане абарончая сценка-прадбрам'е. 
З поўдня і паўднёвага захаду ад замка была створана сістэма ставаў з млынамі. 
Замак удзельнічаў практычна ва ўсіх войнах, пачынаючы з руска-польскай 1654-1667 гг. і да Ачыннай вайны 1812 г. У больш познія часы такія фартэцыі ўжо не мелі ніякага значэння. Прычыняемыя кожны раз разбурэнні былі вельмі значнымі. Амаль заўсёды пасля разбурэнняў 18 ст. замак поўнасцю або часткова аднаўляўся. Пад час аднаўлення ў яго прыўносіліся элементы стылю барока. 
З 1812 г. моцна пашкоджаны замак доўга не выкарыстоўваўся. Яго руіны ў сувязі з падзелам маёмасці Радзівілаў не адзін раз пераходзілі з рук у рукі. У 1891 г. уладальнікам замка стаў герой турэцкай кампаніі князь Мікалай Святаполк-Мірскі. Ім быў створаны пейзажны парк. З поўдня на месцы зарослых старых вадаёмаў, у 1898 г. быў выкапаны новы вялікі стаў. У парку побач з усходнім абарончым замкавым валам была збудавана радавая капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх. 
У 1920-я гады нашчадкам Міхаілам Святаполк-Мірскім былі распачаты рамонтныя работы па аднаўленню замка. У інтэр'еры помніка былі прыўнесены элементы сецэсіі. Да 1939 г. былі адбудаваны частка ўсходняга палаца, гарматная і тынкаваная вежы. Работы праводзіліся і ў іншых месцах. У канцы 1939 г. у замку была створана вытворчая арцель. 
Пад час гітлераўскай акупацыі ў Мірскім замку быў арганізаваны лагер для ваеннапалонных і гета. Пасля вайны, у сувязі з тым, што большая частка Міра была спалена, у прыдатных для жылля памяшканнях аж да 1956 г. жылі пагарэльцы. 
Практычныя работы па рэстаўрацыі Мірскага замка распачаты ў 1983 г.

Палацава-паркавы ансамбль
г. Нясвіж


Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль -- адзін з прыгажэйшых і цікавейшых у Беларусі комплексаў. Будаўніцтва мураванага замка пачалося ў 1582 г. па ініцыятыве Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, які стала пасяліўся ў Нясвіжы і задаўся мэтай стварыць тут рэпрэзентатыўную княжацкую рэзідэнцыю. Вядома, што першапачаткова ў Нясвіжы існаваў драўляны замак, пабудаваны ў першай палове 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным, ці нават яшчэ раней пры Кішках. У 1533 г. драўляны замак ужо згадваецца ў пісьмовых крыніцах.
Новы мураваны замак будаваўся побач са старым драўляным. К пачатку 17 ст. замак ужо быў пабудаваны, меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 160х120 м і вылучаўся магутнымі абарончымі збудаваннямі. Абарончая сістэма ўключала насыпныя валы з вонкавай каменнай абмуро ўкай і мураванымі стайнямі унутры, бастыёнамі, глыбокі і шырокі роў, запоўнены вадой. Па меркаванню М. Ткачова, абарончыя збудаванні нясвіжскага замка адносіліся да новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы. 
За ўмацаваннямі размяшчаліся тры асобныя мураваныя карпусы і ўязная брама. У сярэдзіне дзядзінца знаходзілася студня. Цэнтральны корпус -- уласна палац, быў прамавугольны ў плане, трохпавярховы, з чатырмя васьміграннымі вуглавымі вежачкамі, з алкежамі на калонах на бакавых фасадах і лоджыяй-галерэяй на галоўным фасадзе. Стаяў насупраць брамы. 
Справа ад брамы пры вале быў узведзены трохпавярховы з падвалам (піўніцамі) будынак "камяніца замкавая", да якога з паўднёва-ўсходняга боку прымыкала высокая дазорная вежа. З боку вала на фасадзе меліся два прамавугольныя ў плане алкежы. На галоўным фасадзе былі вылучаны парталамі і гербавым картушам два ўваходы. 
Злева ад брамы пабудаваны двухпавярховы меншых памераў, прамавугольнв ў плане корпус, у якім размяшчаўся цэйхгауз. Ён таксама быў злучаны памостам з валам. 
На дзядзінец умацаванага комплекса праводзіла мураваная брама, размешчаная ў курціне паўночна-заходняга вала. З боку двара над брамай узвышалася вежа з гадзіннікам. Акрамя таго на дваровым фасадзе брамы знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі. 
Паводле інвентара 1658 г., у замку было 12 залаў. Залы і іншыя пакоі былі аздоблены мармурам, разьбой, ляпнінай, роспісамі, карцінамі, камінамі. 
У 1706 г. пад час ваенных дзеянняў нясвіжскі замак значна пацярпеў, доўга знаходзіўся ў запусценні. Толькі ў 1720-я гг. на замку пачаліся будаўнічыя работы пад кіраўніцтвам архітэктара К. Ждановіча. Да сярэдзіны 18 ст. замак быў адноўлены ў новым выглядзе. Асобна размешчаныя карпусы устаўкамі былі аб'яднаны ў адно цэлае. У 1740 г. К. Ждановіч пабудаваў новую палацавую капліцу. 
У канцы 18 ст. замак зноў атрымаў пашкоджанні і тут вяліся аднаўленчыя работы. На працягу 18 ст. у аднаўленні і пашырэнні замка ўдзельнічалі такія вядомыя архітэктары як М. Педэці, М. Фларыяновіч, К. Спампані, А. Лоцы, Л. Лутніцкі. З таго часу ў асноўных абрысах нясвіжскі палац захаваўся да нашага часу. План замка стаў уяўляць замкнёны комплекс карпусоў з вялікім унутраным дваром. Яго форма не мае выразнай геаметрычнай канфігурацыі, увесь комплекс характарызуецца асіметрычнасцю кампазіцыі, што з'явілася вынікам шматэтапнага будаўніцтва і адсутнасцю адзінага плана. Уязная брама з вежай і цэнтральны корпус размешчаны амаль на адной восі, бадай адзінай у ансамблі. Цэнтральны корпус, перабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. і атрымаўшы па цэнтру павышаны да чатырох з паловай паверхаў рызаліт, з'яўляецца галоўным ва ўсім ансамблі. Ён дамінуе і сваім архітэктурна-дэкаратыўным рашэннем. З боку ўнутрана двара корпус выглядае вельмі пластычным дзякуючы выкарыстанню ў яго афармленні пілястраў, ляпніны, скульптурных уставак. На галоўным фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай. У ніжнім паверсе размяшчаліся службовыя памяшканні, у верхнім - княжацкія апартаменты з вялікай колькасцю парадных і жылых памяшканняў. 
Два бакавыя карпусы, аб'яднаныя з цэнтральным дыяганальнымі ўстаўкамі аформлены больш сціпла. 
Уязная брама з арачным праездам ў выглядзе тунеля праразала земляны вал. У надбрамнай вежы, якая мела наверсе гадзіннік, размяшчаліся ў ніжнім ярусе кардэгарда, у верхнім - памяшканні архіва і бібліятэкі. 
Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі комплексы жылых, гаспадарчых і вытворчых пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні і інш.) У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алкежы і каморы. 
У 1809 г. палацавы комплекс рэстаўрыраваны архіэктарам М. Цэйзікам. 
Такім чынам, перабудаваны ў 18 ст. нясвіжскі замак страціў свае першапачатковыя рысы і істотна змяніў аблічча сваёй фертыфікацыі. Новыя жылыя будынкі надалі замку выгляд вялікасвецкага палацава-замкавага комплексу, абарончыя рысы адышлі на другі план. 
З закладкай у 1879 г. парку пейзажнага тыпу завяршылася фарміраванне палацавага-паркавага комплексу. Парк складаецца з 5 аўтаномным ландшафтных зон, кожная з якіх мае сваю завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. 
У 1945 г. замак быў прыстасаваны пад санаторый, які знаходзіўся там да 2001 г.

Случайные статьи:

  1. Техническая эксплуатация стен и фасадов зданий
  2. Системы поддержания требуемого микроклимата в памятниках архитектуры
  3. Причины и виды коррозии полимерных конструкций. Методы защиты.
  4. МЕТОДЫ И ПРИЕМЫ ЛАБОРАТОРНЫХ ИССЛЕДОВАНИЙ
  5. ЗОНЫ АХОВЫ. IНСТРУКЦЫЯ аб складзе, парадку распрацоўкi і зацвярджэння праектаў зон аховы
  6. Маркировка ворот
  7. Вопросы по ИКЦ
  8. Фундаменты и их конструктивные решения
  9. Перечень основных видов работ, выполняемых при реставрации
  10. Техническая эксплуатация крыш и кровель
Категория: Археология и история архитектуры | Добавил: tp9 (11.03.2013)
Просмотров: 1340 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Меню сайта
Категории раздела
Археология и история архитектуры [13]
Архитектура [10]
Техническая эксплуатация зданий [23]
Технология строительного производства [1]
Реконструкция и реставрация зданий [17]
Ротатор
People-Group
WMlink.ru
Так.ру
Copyright MyCorp © 2024